У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы адбылося партрэтнае інтэрв’ю “Лёсам з Нясвіжчынай” з удзелам настаяцеля Свята-Троіцкага храма аграгарадка Салтанаўшчына і Свята-Мікалаеўскага аграгарадка Юшавічы, аднаго з галоўных арганізатараў праваслаўнага лагера і злёту “Святая Русь” на тэрыторыі Свята-Троіцкага храма, заснавальнік прыхода ў гонар Сабора Беларускіх святых, стваральніка і духоўніка брацтва ў гонар Прэабражэння Гасподня ў Нясвіжы, а цяпер і лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” протаіерэя Алега Абрамовіча. Вядучы праекта Аляксей Абражэй і ўсе прысутныя мелі магчымасць прасачыць шлях да веры, да храма, да святарскага служэння гэтага неардынарнага чалавека.
Як аказалася, протаіерэй Алег Абрамовіч не заўсёды верыў у тыя ісціны, якія цяпер так настойліва стараецца данесці да маладых і сталых. Ён увогуле быў атэістам, ні ў якім разе не сумняваўся ў непарушнасці дагматаў марксізму-ленінізму і меў упэўненасць, што ад рэлігіі, як “опіуму для народа”, трэба не толькі самому быць на адлегласці, але і засцерагаць ад яе ўздзеяння маладое пакаленне. Але, пра ўсё папарадку.
Будучы святар, Алег Аляксандравіч Абрамовіч, нарадзіўся ў Расіі. Бацька яго быў родам з Беларусі, а дакладней — з Нясвіжчыны. Аляксандр Аляксандравіч меў калісьці гонар хрысціцца ў святога Мацвея Лысіцкага ў Свята-Крыжаўздзвіжанскім храме роднай вёскі. Але на той момант ні сам Аляксандр з прычыны вельмі маладога ўзросту, ні яго бацькі, а таксама многія аднавяскоўцы, не ўсведамлялі, што вясковы святар — асоба адметная, чалавек вельмі адукаваны, які адстойваў веру яшчэ да таго, як ён спадобіўся пакутаваць за Хрыста.
Матуля Аляксандра, Ніна Андрэеўна, была адзінай у сваёй сям’і, якая ў Бога сапраўды верыла. Нават нягледзячы на забароны савецкага часу, хадзіла ў храм. Не так часта, як бы ёй хацелася, але на ўсе царкоўныя святы —абавязкова.
Мама айца Алега Людміла Якаўлеўна родам з расійскага горада Уладзівастока. Там яна і пазнаёмілася з будучым мужам, калі той праходзіў тэрміновую службу. Алег іх першынец. Калі хлопчыку споўнілася тры гады, яго напаткала сур’ёзная хвароба. Ён задыхаўся. Урачы сказалі, што патрэбна тэрміновая аперацыя. Хацелі перарэзаць трахею, вывесці трубку, а пасля ўжо як пойдзе. Мясціны, у якіх жыла сям’я Абрамовічаў, у сталінскія часы былі месцам для ссыльных, няўгодных для савецкай улады людзей. Мама знайшла старога ўрача, з кагорты пакутнікаў, беспадстаўна пазбаўленых волі і роднай зямлі. Ён параіў нічога не рабіць, а выехаць у сухі клімат. Абрамовічы пераехалі ў Омск, пасля — у беларускі Гродна. Алег пайшоў у трэці клас. Тады людзі мяняліся кватэрамі па ўсім Саюзе, і калі надарылася магчымасць змяніць двухпакаёвую кватэру ў Гродна на трохпакаёвую ў Нясвіжы, бацькі адразу згадзіліся, і, пераехаўшы ў Нясвіж, ніколі пра гэта не шкадавалі. Ды і здароўе старэйшага сына наладзілася. Ішлі дзевяностыя гады мінулага стагоддзя. Многія сваякі-равеснікі пайшлі не зусім праведным шляхам, мала хто з іх служыў у войску, бо ўмудрыліся канкрэтна сапсаваць сваё здароўе і рэпутацыю турэмным тэрмінам яшчэ да прызыўнога ўзросту. І як сёння лічыць Алег Аляксандравіч, вялікі горад быў яму тады таксама не рэкамендаваны.
— Былі ў мяне схільнасці не зусім добрыя і патрэбна было іх уціхамірваць. Хаця з дзяцінства я марыў вярнуцца на радзіму, ва Уладзівасток, — успамінае святар.
— Адной з адметных якасцей, якія адрознівалі піянера, а пасля і камсамольца Алега Абрамовіча — гэта максімалізм. Спачатку дзіцячы, а пасля і юнацкі. Калі хлопец быў у нечым упэўнены, то зрушыць яго ў іншы бок было немагчыма. Будучы навучэнцам Нясвіжскага педвучылішча, ён бачыў, як хлопцы падсмейваюцца над камсамольскім статутам, сам жа свята верыў у тое, што там напісана. У гэтым дакуменце пазначалася, што камсамолец не можа верыць у Бога. Ён павінен быць атэістам. На заўвагу дзядулі Аляксандра Пятровіча Абрамовіча, што і камуністы сваіх дзяцей хрысцяць, адрэагаваў скептычна.
Але Гасподзь шукаў нейкія подступы да душы гэтага юнага максімаліста. Так сталася, што на выхаванні матулі апынуўся яе малодшы адзінаццацігадовы брат Віталій Прымак. Іх мама, Яўгенія Фёдараўна, памерла ў пяцідзесяцігадовым узросце. І для Алега гэты хлопчык стаў, можна сказаць, хутчэй старэйшым братам, чым дзядзькам. З цягам часу Віталій паступіў ва Усурыйскае сувораўскае вучылішча, а пасля Самаркандскае ваеннае вучылішча. Перад выпускам практыку праходзіў у Грозным. Атрымаўшы дыплом, адразу трапіў ва Узбекістанскі горад Фергану, адтуль — на Афганскую вайну. Фергана стала асноўнай базай фарміравання савецкіх войск. І звычайна, калі дэсантнікаў накіроўвалі ў Афганістан, яны праходзілі праз Ферганскую вучэбку.
— Я быў атэістам, але калі здарылася вайна ўсяго за пару тысяч кіламетраў ад нас, зразумеў, што нічым не магу дапамагчы свайму дзядзьку. І я падумаў, што ёсць Бог. Узяў фатаграфію дзядзькі, бо я не памятаю, каб у нашым доме былі іконы. Магчыма, і не было ніякіх. Ці ў мамы недзе ляжалі, але я не ведаў. На фатаграфіі Віталій Яўгенавіч быў у ваеннай палявой форме, нечым яна нагадвала форму царскіх афіцэраў. Я папрасіў: “Бог, калі ты ёсць, памажы!”. І пералічыў нейкія добрыя якасці дзядзькі. Гаварыў пра тое, што яму трэба дапамагчы, што ён сірата, добры чалавек. А дзядзька, акрамя таго, што быў афіцэрам, не піў, не курыў, і быў даволі такі патрыятычным чалавекам, — успомніў сваю першую сустрэчу з Богам айцец Алег.
Быў выпадак, калі Алег і Віталій ішлі у госці да бабулі. Алег стаў пасміхацца з бабулі, што яна ў Бога верыць. Віталій на той момант, а гэта адбывалася ў 1981 годзе, быў маладым яшчэ чалавекам, і нават цяпер ён не веруючы, ва ўсякім разе не вацаркоўлены. Але тады ён сказаў:
— Ведаеш што, гэта іх перакананні. А над перакананнямі не смяюцца. Смяяцца не трэба, іх трэба паважаць. Гэта быў ўзровень. Гэта значыць, што маё акружэнне выхоўвала ў ва мне культуру, — узгадваў святар.
Гасподзь пачуў першы зварот будучага святара і адгукнуўся на просьбу. Брат матулі Віталій Яўгенавіч Прымак прыйшоў з вайны жывым, праўда, быў кантужаны. Але гэта акалічнасць не стала асаблівай перашкодай у далейшай службе, дазволіўшы атрымаць званне палкоўніка.
— Але пра тое, што Гасподзь нам дапамог, мы не заўсёды памятаем і за тое удзячны, — заўважыў бацюшка.
Прайшоў час, і Алег забыўся і пра просьбу, і пра яе выкананне. Дзесьці ў 1987 ці 1988 годзе, ён разам з сакурснікамі прысутнічаў на прафсаюзным сходзе аддзела адукацыі. Маладыя людзі сядзелі “на галёрцы” ў канферэнц-зале райвыканкама, і, як удзельнікі сходу, таксама пра нешта там гаварылі. Святар успамінае, што яны тады прагаласавалі, каб звольніць жанчыну, якая ў Гарадзеі была настаўніцай, і была веруючай. На той час будучы настаўнік лічыў, што такіх людзей не павінна быць блізка з дзецьмі. Ён не ведаў тады, што былі рэпрэсіі, што за веру забівалі. У такім разе Алег галасаваў бы супраць, бо схіляўся да цывілізаванага вырашэння праблемы. Ён лічыў, што дзяржаве патрэбна вызваліцца ад гэтага опіуму для народа, але займаючыся перакананнямі.
Пасля заканчэння педвучылішча, а атрымаў ён прафесію настаўніка пачатковых класаў і спецыяльнасць “Старшы піянерважаты”, Алег Аляксандравіч па размеркаванні трапіў у Чэрвень. Спачатку яго размеркавалі як настаўніка пачатковых класаў, але ў нейкі момант вырашылі прызначыць піянерважатым, бо да арміі заставалася не так многа часу. Калі-нікалі малады педагог замяняў урокі у класах, дзе хварэлі настаўнікі. Да сваіх абавязкаў падыходзіў творча. Неяк пасля замен настаўніца спеваў сказала, што нічога немагчыма весці пасля яго. Дзяцей больш цікавілі няспраўджанае каханне Чайкоўскага або патрыятычныя погляды рэвалюцыянераў, якія спявалі песню, што на той час была ўключана ў праграму.
Будучы настаўнікам, Алег бачыў сябе ўсё ж такі ваенным. Але дзядзька параіў перш прайсці тэрміновую службу. І хлопец зразумеў, што гэта не яго дарога. Хаця вельмі радаваўся, што, нягледзячы на некаторыя прабелы ў здароўі, на службу трапіў.
На просьбу бабулі надзець крыжык, калі ішоў у армію, які яна берагла для ўнука, не пагадзіўся. А калі праслужыў год, штосьці такое адбылося ў жыцці.
— Я зразумеў, што сапраўды, і ў камуністаў дзеці хрышчаныя. І на нясмелае пытанне бабулі: “Крыжык не возьмеш?”, сказаў: “Ну, давай хутчэй, я ўжо спяшаюся”, — нібы вярнуўся ў той час святар.
Бабуля адразу зняла з сябе крыжык — старэнькі, алавяны. Не той, што берагла для значнай падзеі, прыгожы, алюміневы, з пазалотай.
З таго часу айцец Алег з гэтым крыжыкам не развітваецца. Без акуляраў ён ужо на ім і распяцця не бачыць. Але з ім калісьці і з парашутам скакаў, і са складаных сітуацый падчас службы выходзіў.
— Мы былі адпраўлены ў рэспубліку Азербайджан. Там адбыўся такі выпадак, калі нас вельмі сур’ёзна абстралялі. І калі мы зразумелі, што нам усім не выжыць, гэта падсвядома адбылося: мы ўсе пачалі маліцца, проста не згаворваючыся. Я тады таксама другі раз у жыцці маліўся. Пасля я ўспомніў выпадак з дзядзькам і падумаў: калі цяжка, то мы да Яго звяртаемся. І я пачаў свой пошук, — расказаў святар.
Адбылася і адна цікавая сітуацыя, звязаная з бабуліным падарункам. Гэта было ў Баку. Неяк, падчас аднаго з армейскіх аглядаў, а рабіліся яны звычайна ў мірны час з мэтай папярэдзіць вынікі дзедаўшчыны і нейкія хваробы. Праводзіў агляд капітан, які ўзначальваў медроту. У вачах маладога салдата Алега Абрамовіча ён быў узорам. І вось гэты чалавек, праходзячы побач з Алегам, сказаў:
— Крыж здымі.
Мой суразмоўца быў яшчэ не хрышчаным, але загаду не падпарадкаваўся. З якой нагоды гэты афіцэр ім камандуе? Капітан паклікаў начальніка разведкі і той пацвердзіў загад. Салдат не рэагаваў. І тады гэтая кампанія падышла бліжай. Хтосьці з іх рвануў крыж, які быў прычэплены на парашутнай строне. З шыі пайшла кроў, але крыж заставаўся ў гаспадара. І тут у гэты момант у залу ўвайшоў штабны афіцэр. Ён быў у званні маёра, прайшоў Афган. Гэты чалавека здаваўся вельмі злым, яго ўсе баяліся. Распытаўшы, што здарылася, маёр усім загадаў адысціся ад упартага салдата, а сам падышоў так блізка, як падыходзяць хлопцы адзін да аднаго, калі жадаюць высветліць адносіны і прамовіў:
— Сынок, ты бачыш гэтую зграю? Яны цябе ў спакоі не пакінуць. Я разумею, што для цябе гэта дорага…
Салдат патлумачыў, што крыж бабуля падаравала.
— Гэта правільна. Але даю табе слова афіцэра, што нічога з тваім крыжам не зробіцца. Ты проста дай мне яго зараз, а пасля мы з табой сустрэнемся, пагаворым і я табе яго аддам.
Алег паслухаў і аддаў крыж. Маёр, адыходзячы, прамовіў:
— Салдат, як вызваліцца, няхай зойдзе да мяне.
Афіцэры, убачыўшы, што адбылося, спыталі:
— Яго пакараць?
— Так, загады трэба выконваць. Пакараць…
Праз чатыры гадзіны Алег пайшоў на сустрэчу з маёрам. Яны разам выйшлі на калідор. Завязалася размова.
— Ты веруючы? — спытаў маёр.
— Не, не веруючы, — адказаў салдат.
— Веруючы, раз крыж адмовіўся зняць, — запэўніў старэйшы па званні.
Алег расказаў і пра тое, што іх абстралялі, і пра дзядзьку дэсантніка.
— А я вось веруючы, — прызнаўся маёр.
Вы ўявіце, сказаць адкрыта салдату ў тым грамадстве, што ён веруючы, гэта найвялікшы ўзровень даверу. Чатыры гадзіны назад ён гаварыў пра пакаранне, а тут такое прызнанне. Маёр патлумачыў, што не заўсёды ён можа апынуцца побач. Салдата маглі б адправіць на мусульманскую гаўптвахту, і што б тады было з ім і яго перакананнямі?
Развітваючыся, маёр сказаў:
— Ёсць такі грэх уводзіць людзей у грэх. Яны нічога не разумеюць. Але дай гады два, і ўсе будуць веруючымі. Усе будуць у храм хадзіць. Крыжы надзенуць. Гэты час ужо прыйшоў. Нават тыя, хто сёння з цябе здымалі крыж. І калі ты ім пра гэта нагадаеш, яны скажуць, што вераць з дзяцінства. А ты захоўвай крыж, хавай, калі трэба, у кішэню, а так насі.
Гэта размова была для Алега адкрыццём.
Тады моднай плынню былі усходнія адзінаборствы, якімі будучы праваслаўны святар заўсёды захапляўся. Зацікавіўся тыбецкім накірункам, ламаізмам і думаў, што стане ламаінскім манахам. У той час Алег падтрымліваў адносіны са сваёй будучай жонкай, Ілонай Дэмух, з якой калісьці вучыўся ў педвучылішчы ў адной групе. Аднойчы ён прапанаваў ёй прачытаць кнігу “Трэцяе вока” , якая распавядала пра тыбетцаў, на што атрымаў сустрэчную прапанову — пазнаёміцца з кнігай “На беразе Божай ракі” Сергія Нілуса, вядомага праваслаўнага публіцыста дарэвалюцыйных часоў. Прачытаўшы гэта выданне, наш суразмоўца зразумеў, што нічога пра хрысціянства не ведаю, і мне захацелася працягнуць пошукі.
Аднойчы маладыя хлопцы, у кампаніі якіх быў і Алег Абрамовіч, апынуліся побач са Свята-Георгіеўскім храмам. Гэта быў другі выпадак у яго жыцці. Першы раз ён там пабываў разам з наведвальнікамі атэістычнага гуртка, калі вучыўся ў вучылішчы. У той год супала дата Вялікадня. Рабяты пабывалі ў малітвенным доме пяцідзесятнікаў, зайшлі ў касцёл, дзе іх сустрэлі толькі некалькі вернікаў. А ў Свята-Георгіеўскім храме збіраўся хрэсны ход. Настаўнік іх вывеў з храма, каб яна да гэтай падзеі не далучыліся.
І вось, праз колькі год, зноў быў Вялікдзень. Хлопцы толькі прыйшлі з войска і вырашылі сустрэцца. Хтосьці і прапанаваў пайсці ў храм. Алегу, нагадаю, заўзятаму атэісту, чамусьці захацелася купіць ікону Хрыста Выратавальніка. Гэта была рэпрадукцыя на картоне. У храме збіраўся хрэсны ход. І Алег зразумеў, што за яго спіной людзі з іконамі і харугвіямі. Сябры пайшлі за плот. Ён адыйшоў у бок, а пасля узяць ікону, наблізіўся да вернікаў і, пад кпіны і ўсмешкі сяброў, рушыў разам. У той год ён неўзабаве закахаўся, хрысціўся і ажаніўся з дзяўчынай, якая своечасова прапанавала яму патрэбную кнігу.
Неяк Алег папрасіў у благачыннага протаіерэя Аляксандра Данчанкі благаславення на сваю першую паломніцкую паездку ў Іванаўскі манастыр. Духоўнікам гэтай абіцелі быў архімандрыт Амвросій Юрасаў. Айцец Аляксандр параіў Алегу спытаць ў старца благаславення на святарства. Для Алега гэта было дзіўным. Ён лічыў, што святары — гэта асаблівыя людзі і ён да гэтага ліку не адносіўся. Але айцец Амвросій благаславіў майго суразмоўцу на рукапалажэнне і паступленне ў духоўную семінарыю. Алег Абрамовіч расказаў гісторыю пра сваю дзіцячую хваробу і пачуў ад гэтага вядомага многім старца такое меркаванне, што ворагі рода чалавечага мелі нейкае разуменне, што з яго, нават не хрышчанага, можа выйсці святар. Магчыма, хтосьці з радні маліўся. Таму што такая духоўная барацьба была. Калі б Алегу ў дзяцінстве не вылечылі горла, то б які б святар з яго атрымаўся!
Пасля гэтай паездкі айцец Аляксандр Данчанка павёз Алега да Уладыкі Філарэта. Малады чалавек упершыню бачыў перад сабой асобу такога кшталту. Алегу здалося, што Уладыка гаварыў бы з ім столькі, колькі б будучы святар пажадаў. Мітрапаліт благаславіў не толькі на прыход у Салтанаўшчыну, але і ў Кунаса.
Айцец Аляксандр рыхтаваў Алега да пастырскага служэння. Мой суразмоўца стаў алтарнікам у храме вёскі Вялікая Лысіца, дзе тады і служыў благачынны Аляксандр Данчанка. Да таго моманту Алег калі-нікалі дапамагаў у алтары і протаіерэю Дзімітрыю Хмелю ў Свята-Георгіеўскім храме. А ў Лысіцы былі яшчэ два алтарнікі — Аляксандр Калеснік і Аляксандр Гладкі, тады яшчэ вучні школ. На стужбы прыязджала і старшакласніца Таццяна (зараз Калеснік), будучая жонка Аляксандра Калесніка. Яны, у сутнасці, былі адзінымі маладымі людзьмі на прыходзе. Абодвы Аляксандры цяпер таксама святары. Калеснік служыць у Снове, Гладкі — У Клецку.
Узяўшы адпачынак на асноўным месцы працы, а быў ён інкасатарам у банку, Алег Абрамовіч служыў дыяканам у Свята-Духавым саборы ў Мінску. 28 чэрвеня 1997 года адбылося яго рукапалажэнне.
Рыхтавацца да паступлення ў семінарыю часу не было і тады Аляксандр Данчанка разам з Алегам паехалі на востраў Заліт, на Пскоўшчыне, да старца Мікалая Гур’янава. Той благаславіў на паступленне менавіта ў тым годзе і параіў жыровіцкую семінарыю.
У хуткім часе так і адбылося. Алег Аляксандравіч паступіў ў Мінскую духоўную семінарыю ў Жыровічах, якую скончыў са ступенню бакалаўра, абараніўшы дысертацыю на тэму “Аб прынцыпах правядзення летніх праваслаўных лагераў”. Другая тэма, якую святар абараніў ужо ў Ужгарадзе, гэта магістрская дысертацыя — “Педагагічныя метады правядзення летніх лагераў”.
Вось так, шляхам спроб і памылак, Алег Аляксандравіч Абрамовіч знайшоў тое, што ні ў якім разе цяпер не пагадзіўся бы страціць.
Неяк Тамара Аляксандраўна Дэмух, цешча Алега Аляксандравіча, узгадаўшы адну са спецыяльнасцей, набытых у Нясвіжскім педвучылішчы — старшы піянерважаты, пажартавала, што ён ім так да сённяшняга дня і застаўся. Жарты жартамі, а піянерважатым ён быў і пасля службы ў войску, у Сейлавіцкай школе, а ў Андрушоўскай прыходзілася быць усім — пачынаючы ад загадчыка ўстановы, настаўніка і, зноў жа, піянерважатага. Гэта прафесія асвойвалася маім суразмоўцам і падчас адной з педагагічных практык, пасля трэцяга курса педвучылішча.
Працаваць у лагеры Алегу Аляксандравічу спадабалася. Таму і не здзіўляе, што, будучы святаром, ён арганізаваў сумесна з настаяцелем Свята-Крыжаўздзвіжанскага храма іерэем Аляксандрам Мельнікавым і іерэем Паўлам Ківовічам, настаяцелем храма у вёсцы Старое Сяло ў 2002 годзе праваслаўны злёт “Святая Русь”.
Многія здзіўляюцца, што ў гэтага пачынання няма ніякіх асноўных апекуноў. Праваслаўны лагер, што зараз дзейнічае на тэрыторыі Свята-Троіцкага храма, нельга назваць нават прыхадскім, бо гэта нейкае асабістае ўкладанне самога святара, яго сям’і, іншых святароў-аднадумцаў і тых людзей, якія разумеюць важнасць справы праваслаўнага выхавання дзяцей і моладзі.
Адно з першых унёскаў у гэту патрэбную справу, праўда, без яе згоды, зрабіла цешча, Тамара Аляксандраўна. Айцец Алег “пазычыў” у яе грошы ад продажы кватэры. За іх, у асноўным, і быў пабудаваны лагерны гарадок. І, зразумела, на трэці сезон праваслаўнага злёту “Святая Русь” святар прыехаў з асабістымі рэчамі.
Пра тое, што тыдзень, праведзены ў праваслаўным лагеры ў Салтанаўшчыне можна ўспамінаць з захапленнем цэлы год, я ведаю з першых вуснаў, і не з адных. Благадаць храма, сумесная малітва, начныя і ранішнія богаслужэнні, вясёлыя агеньчыкі вогнішча і стаўшыя ў гэты час непатрэбнымі мабільнікі, што дазваляе глядзець адзін аднаму ў вочы, малады чалавек мае магчымасць азірнуцца вакол, звярнуць увагу на таго, хто побач і не ў віртуальным свеце, а абсалютна рэальным. Да яго можна дакрануцца, адчуць душой, зразумець сэрцам, а тое, што з прычыны юнага ўзросту яшчэ здаецца недасягальным, знойдзе сваё тлумачэнне, дзякуючы такім настаўнікам, як протаіерэй Алег Абрамовіч і яго аднадумцы.
Партрэтнае інтэрв’ю — не адзіная сустрэча з айцом Алегам у бібліятэцы. За сямнаццаць гадоў існавання пры бібліятэцы клуба “Ноеў каўчэг” святар многае сказаў сваім удзячным і не вельмі слухачам. Вучыў і вучыць па-сёння юнакоў і дзяўчат не быць, як усе, не ісці за натоўпам, а мець сваю думку, сваё бачанне той ці іншай праблемы і шляхоў для яе вырашэння. Разважаў, па просьбе старшакласнікаў, што значыць быць сапраўдным мужчынам. Прадстаўнікі многіх пакаленяў наведвальнікаў клуба не прамінулі пабываць і ў Свята-Троіцкім храме ў Салтанаўшчыне, пахадзіць па тэрыторыі лагера, зазірнуць у памяшканні, для лагера прызначаных, пачаставацца не толькі гарбатай і салодкімі пачастункамі, але і мудрымі ісцінамі нашага жыцця.
Два гады пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы дзейнічала Школы праваслаўнага выхавання. Парады для бацькоў, якія прагучалі з вуснаў протаіерэя Алега Абрамовіча, вельмі дапамаглі бацькам у выбары правільнай стратэгіі ў дасягненні такой высакароднай мэты, як выхаванне сваіх дзяцей.
Падчас правядзення партрэтнага інтэрв’ю асаблівую ўвагу святар звярнуў на важнасць чытання:
— Што такое правільна, мы ведаем з дзяцінства. Чытайце класіку, нават казкі. Уся класіка, яна таму і класіка, бо ўсё ў жыцці вы гэта пражываеце. І заўсёды знойдзеце там адказ. Ёсць такі фільм — “Айвенга”. Там цудоўная песня акцёра, спевака Уладзіміра Высоцкага, у якой гаворыцца, што калі ты не здрадзіў нікому, нічога не прадаў, калі ты правільна жыў, то значыць, што ты правільныя кнігі ў жыцці чытаў. Калі ты ў патрэбным месцы патрэбныя кнігі чытаеш, усё ў цябе будзе правільна і лёгка будзе тваім блізкім.
Адным з галоўнейшых дасягненняў у працы на ніве духоўнай стала для протаіерэя Алега Абрамовіча ўручэнне прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі:
— Калі працуеш і працуеш так доўга, і ў нейкіх момантах ты ў сваім мясцовым рэгіёне робіш нешта новае, гэта вельмі цяжка. І, вядома ж, сутыкаешся з такімі сітуацыямі, калі пачынаеш сумнявацца, ці варта пачынаць, рабіць, працягваць. Тады думкі ні аб якіх прэміях, заахвочваннях не было, былі толькі сумненні. Таму калі прыходзіць нейкі момант грамадскага прызнання, гэта прыемна, тым больш на такім узроўні. Я думаю, што атрымаў гэтую прэмію не толькі як святар, а і як грамадскі дзеяч, як грамадзянін, таму што выконваў свой грамадзянскі абавязак. А калі казаць пра царкву, то доўг хрысціяніна. І калі гэта адбылося, то нешта мы робім правільна, напэўна, змаглі камусьці дапамагчы. Гэты момант для нас вельмі цікавы, у сэнсе таго, каб правільна даць ацэнку сваёй дзейнасці.
Вяртаючыся да пачатку свайго служэння, святар адзначыў:
— Я ў пэўны момант зразумеў, што калі будзем проста вось так чакаць, пакуль да нас прыйдуць, і будзем гаварыць толькі з амвона, я асабіста на сваім прыходзе ўжо даўно б не служыў, таму што ў храм рэдка б хто заходзіў. Бо гэта храм не Маскоўскі, і не Мінскі, і не раённага плана. І ты разумееш, што нешта трэба рабіць, каб хтосьці туды прыехаў. Цяпер кожную службу прыязджаюць людзі не толькі з майго прыходу, а і з іншых месцаў. І гэта дае жыццё прыходу. А з другога боку, я, на прыклад, хацеў данесці свае думкі, свае перакананні камусьці, хтосьці таксама. Задумваўся, у якім грамадстве мы будзем потым жыць? Хто нас будзе акружаць? Ну, і паволі раслі мае дзеці, выхоўваліся. Вядома, мне б хацелася для іх зрабіць такі падарунак, каб у іх была агульнасць такіх, як я лічыў, аднадумцаў. Дзеці, якія прыехалі калісьці ў лагер, потым моладзь, хтосьці з іх ужо стаў святаром, хтосьці — шматдзетнымі бацькамі, хтосьці набыў спецыяльнасць і вопыт па ёй. Гэта ўжо дарослыя людзі, якія размаўляюць на адной мове, людзі, якія жывуць аднымі думкамі. Можа, яны не маюць аднолькавыя перакананні ва ўсіх аспектах нашага жыцця, але стрыжань у нас будзе адзін — гэта вера, прыстойнасць, мараль, духоўнасць. Гэта шмат чаго варта.
Протаіерэй Алег Абрамовіч лічыць, што вялікае значэнне ў справе праваслаўнага выхавання моладзі, асветы іншых катэгорый грамадзян, мае добры калектыў:
— Што наогул важна ў любой дзейнасці — гэта каманда, таму, што без гэтага ўсё будзе вылівацца ў паперы, у жаданні, у нейкія нягеглыя мерапрыемствы. А ў камандзе ўсё ж такі людзі, яны ідуць да адной мэты. У нашай камандзе, акрамя агульных спраў, яшчэ кожны працуе над сабой, што дае рост асобы.
Акрамя правядзення праваслаўнага лагера, злётаў, на прыходзе Свята-Троіцкага храма і ў рамках дзейнасці Праабражэнскага брацтва святаром і яго аднадумцамі вядзецца праца па адраджэнні беларускіх традыцый, у тым ліку пеўчых, адраджэнні гісторыі Нясвіжчыны, валанцёрская праца. Айцец Алег лічыць, што цяпер важная сувязь паміж свецкімі арганізацыямі, царкоўнымі і грамадскімі.
— Лепш працаваць разам. Мы ў гэтым плане шмат працуем сумесна, упэўнены протаіерэй Алег Абрамовіч.
Рознымі шляхамі ідзе чалавек у пошуках ісціны. Протаіерэй Алег Абрамовіч, дзіцячыя і юнацкія гады якога прайшлі ў краіне ваяўнічага атэізму, сваю праўду знайшоў. Калісьці заўзяты атэіст, ён старанна спасцігаў навукі, а пра спасціжэнне веры нават не марыў. Але жыццё прымусіла маліцца, навучыла верыць і спадзявацца не толькі на сябе. Сёння айцец Алег, бакалаўр багаслоўскіх навук, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, дзеліцца сваімі здабыткамі на ніве духоўнай з усімі, хто імкнецца спазнаць вечныя ісціны ў мітуслівых імгненнях сучаснага жыцця. І дай Бог, каб яго пачулі своечасова.
Валянціна Шчарбакова,
бібліятэкар І катэгорыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы